Лірычныя вечары ў Тэхналагічным
“Найшчырэйшы дыялог творцаў”
11.11.19 у зале вучонага савета ў 13.50 адбылася прэзентацыя літаратурна- мастацкага альманаха “AVE” (Адраджэнне. Вера. Еднасць), № 9, які прысвечаны 20-годдзю літаратурнага клуба “Ветліца”. Мабыць, гэта сімвалічна, што ў зале, дзе змешчаны партрэты 20-ці сусветна вядомых беларускіх вучоных, сабралася сённяшняя і будучая эліта беларускай нацыі – маладыя і сталыя паэты, празаікі, публіцысты, навукоўцы…, — людзі творчыя, шчырыя, адкрытыя, неабыякавыя да лёсу роднай мовы і любай бацькаўшчыны.
З прывітальным словам выступілі кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Н.Я і прарэктар па выхаваўчай працы Гараноўскі А.Р., які ўручыў граматы БДТУ найбольш актыўным членам клуба — удзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў і літаратурных конкурсаў БДТУ і рэспубліканскіх.
І залу напоўніла паэзія – высокая, шчымліва-драматычная, патрыятычная, песенна-лірычная, асветленая пачуцём любові і кахання да родных краявідаў, блізкіх людзей і каханых. І кожны паэт, акрамя чытання сваіх вершаў, імкнуўся выказаць набалелае, тое, што найбольш яго хвалюе, уражвае, паказаць няпростыя мукі творчасці. І гэта апантанасць, пачуццё адказнасці паэта за прамоўленае слова, гэта адкрытае сэрца, працятае то болем, то радасцю знаходзіла водгукі ў сэрцах прысутных. Тут не было раўнадушных. Аўдыторыя чуйна ўспрымала кожную думку і пачуцці аўтараў, асэнсоўвала, успрымала сэрцам і прыгажосць, і радасць, і любоў… Уладзімір Салаухін адзначаў, што
“Калі навука ёсць памяць розуму,
То мастацтва ёсць памяць пачуцця”.
А памяць пачуцця значна мацнейшая за памяць розуму і будзе будзіць гэты розум, а сама душа будзе імкнуцца ў новыя светлыя высі.
Надзвычай эмацыйнае выступленне сучаснага класіка беларускай літаратуры, лаўрэата Дзяржаўнай Прэміі, узнагароджанага медалём Францыска Скарыны, Міхася Башлакова падхоплівалася выступленнямі таленавітых сучасных аўтараў і нашых студэнтаў.
Наступнымі выступілі:
Значонак Дар’я – выпускніца факультэта ПіМ, якая трымае сувязь з клубам, друкуецца ў “Маладосці” і “Дзеяслове” і зборніку твораў студэнтаў і супрацоўнікаў БДАТУ “Музыка маёй радзімы”, які яна падаравала клубу;
Валерый Пазняк –таленавіты паэт, аўтар трох зборнікаў паэзіі, майстар напісання трыялетаў;
Аксана Гаравенка – яркі паэт, аўтар 6 зборнікаў паэзіі, дацэнт кафеды міжнароднай эканомікі Эканамічнага ўніверсітэта;
Вольга Данілевіч – студэнтка факультэта ТАР, таленавіты паэт і празаік, рознабакова творчая асоба, дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф”;
Генадзь Шары – яркая творчая асоба, піша вершы, займаецца грамадска-асветніцкай дзейнасцю, знаўца беларускай культуры, перакладчык, даследчык творчасці Марыны Цвятаевай;
Любоў Чаркасава – самабытны паэт, пераможца конкурсу “Бацькаўшчына”, які праводзілі часопіс “Маладосць” і беларускае радыё ў 2019 г.;
Галіна Абалоніна – паэт, перакладчык з французскай мовы, былы супрацоўнік БДТУ;
Рэгіна Міксюк – арыгінальны паэт, аўтар тэкстаў песень і аўтарскіх песень;
Дзмітрый Уласенка – студэнт факультэта ПіМ, аўтар публіцыстычных твораў, дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф”;
Арсеній Чубараў – паэт, студэнт факультэта ХХіТ, удзельнік рэспубліканскіх выступленняў у Брэсце і Мінску;
Калектыўнае чытанне верша Міхася Башлакова “Тры лікі любові”. Чыталі: Чубараў Арсень (ХТТ), Мацейка Алена (ПіМ), Маскаленка Андрэй (ХТТ), Масюкова Анастасія (ЛГФ), Уласенка Дмітрый (ПіМ);
Музычная паўза — ігра на скрыпцы. Выконвала Дэгіс Лізавета, студэнтка факультэта ТАР.
Заключны акорд літаратурнай вечарыны – выступленне вакальнага ансамбля выкладчыкаў і супрацоўнікаў “Акавіта” абгрунтаваны тым, што ў альманаху надрукаваны артыкул да 25-годдзя творчай дзейнасці ансамбля і новыя песні, напісаныя мастацкім кіраўніком Аляксандрам Ляхам. . Выступілі:
Мініч Т.У.,Курачкіна Н.В., Сідралёнак А.Ф., Савіцкая Н.Я., Дамброўская Н.В., Брусянцова Т.П., Гаркавая М.А., акампаніятар Юносаў А.М.
Час імпрэзы быў вычарпаны, і 7 маладых паэтаў выступяць на наступнай вечарыне.
Барыс Лабун – палкоўнік у адстаўцы — уручыў кветкі кіраўніку клуба ад аднакласнікаў і прыхільнікаў паэтычнай творчасці і выказаў цёплыя словы ўдзячнасці за арганізаванае мерапрыемства, адзначыў высокі ўзровень выдадзенага альманаха і праведзенай прэзентацыі, пажадаў поспехаў і новых сустрэч.
А 12.11.19 на Viber былі дасланы наступныя паэтычныя радкі ад Аксаны Гаравенкі, якая падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы:
От юных любящих сердец
До седых старцев –
Там венец поэзии блистал, и пело
Пространство так, что всё светлело,
И проступала тут и там судьба,
Подвластная… словам…
->ФОТАЗДЫМКІ<- з вечарыны.
Інфармацыю падрыхтавала Надзея Савіцкая, кіраўнік клуба.
Фота – Анастасія Качамарава, студэнтка факультэта ПіМ.