«Не аслабеюць рукі-крылы Каханне нашае трымаць»
Святаслаў Філатаў, член літ.клуба “Ветліца”
Пад такім дэвізам напярэдадні Дня Святога Валянціна – Дня закаханых – 13 лютага было праведзена пасяджэнне літаратурнага клуба “Ветліца”. Імпрэза адбылася ў кабінеце літаратурнага клуба – у інтэрнаце № 5 на шостым паверсе.
Звыш 20 удзельнікаў вечарыны чыталі як свае ўласныя, так і аўтарскія вершы пра каханне на рускай, беларускай і турэцкай мовах. Да месца была і гітара, з якой у клуб завітаў Міцкевіч Арцемій і, фактычна, тут адбыўся дэбют яго выступлення, бо ён упершыню спяваў песню пад акампанемент гітары, паколькі нядаўна пачаў авалодваць інструментам.
Гітара, што называецца, пайшла па крузе. Турэйка Дзіма цудоўна праспяваў сваю ўласную песню “Осень”, а магістрант з Казахстана Батанаў Асланбек праспяваў казахскую песню “Мая залатая”.
Вялікі верш, амаль паэму, прысвяціў Мінску і мінчанкам слухач курсаў рускай мовы як замежнай Кая Мурат з Турцыі. У вершы ён ухваляе прыгажосць беларускіх дзяўчат, параўноўваючы іх з музамі 19 стагоддзя. Яны музы для яго (ён паэт і фатограф), як Наталля Ганчарова была музай для Пушкіна.
Узнёслыя радкі лірыкі кахання падымалі настрой, таму нават тыя, хто завітаў у клуб у якасці слухачоў, адважыліся прачытаць вершы перад аўдыторыяй і запісаліся ў клуб у якасці пастаянных сяброў.
І сапраўды, як пісаў Плутарх “Вучань (студэнт у нашым выпадку) – гэта не сасуд, які трэба напоўніць, а факел, які трэба неабходна запаліць”.
Інфармацыю падрыхтавала Савіцкая Н.Я.,
кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца”.
Фота – Качамарава Анастасія , студэнтка факультэта ПіМ