20 – 21 лютага 2019 годзе ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна па выніках рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў вну “Аўтограф” адбылося заключнае мерапрыемства пад агульнай назвай “Выхаваўчыя магчымасці літаратурнай творчасці для рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнтаў”.
Мэта Рэспуліканскага метадычнага мерапрыемства і творчай сустрэчы – папулярызацыя літаратурна-мастацкай творчасці, накіраванай на рэалізацыю выхаваўчых задач і фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў студэнцкай моладзі, вывучэнне і абагульненне прадуктыўных практык і ўкараненне інавацыйных падыходаў у арганізацыю літаратурна-мастацкай торчасці студэнтаў, павышэнне прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў калектываў.
Кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Н.Я. выступіла на метадычнай пляцоўцы “Палітра педагагічнага і творчага вопыту” з дакладам “Формы і метады працы ў літаратурным клубе БДТУ “Ветліца””(з вопыту 22-гадовай працы) і адказала на шматлікія пытанні.
На гэтым форуме была паказана дзейнасць 7 літаратурных клубаў Беларусі. Былі прадстаўлены Брэст, Віцебск, Гродна, Горкі, Магілёў, Мінск – БДТУ і БНТУ.
На творчым паказе “Літ-чытка” шыкоўна выступілі нашы студэнты: Уласенка Дзмітрый (2ПіМ-2), Чубараў Арсеній (2ХтіТ-6), Міцкевіч Арцемій (2ТАР-3), — якія ў форме стэндапа прэзентавалі свае творы ў вялікай актавай зале.
Два дні працы форуму былі насычаны шматграннай творчай дзейнасцю, якой пастаянна былі ахоплены ўсе ўдзельнікі заключнага мерапрыемства. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт так цудоўна ўсё арганізаваў, што змена розных цікавых відаў дзейнасці не стамляла, а прыносіла задавальненне.
Акрамя названых пляцовак, былі і іншыя. Гэта навукова-метадычная пляцоўка “Актуальныя формы псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзейнасці творчых аб’яднанняў студэнцкай моладзі”, творчы паказ (канцэрт), адкрытая прафесійная пляцоўка, актуальныя формы папулярызацыі беларускай культуры і мовы ў моладзевым асяродку, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі: студэнцкія інтэрактывы, інсайты, квесты, літаратурны каворкінг і інш.
На заключным этапе ўсім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны сертыфікаты.