Пад такой назвай 6 кастрычніка 2021 г. у кабінеце літаратурнага клуба “Ветліца” адбылася Акцыя: ”Чытаем разам!”, прысвечаная 85-годдзю слыннага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна (1936 — 2014).
Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ, быў супрацоўнікам і рэдактарам розных афіцыйных выданняў, у 1980 гг. узначальваў Белдзяржтэлерадыё, а потым стаў афіцыйным прадстаўніком БССР у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку.
Ужо ў 1960 г. Бураўкін дэбютаваў у паэзіі са зборнікам “Майская просінь”, за якім рэгулярна , амаль заўсёды праз тры гады, выходзілі новыя кнігі паэзіі. Непераўзыйдзены аўтар інтымнай лірыкі, Бураўкін з імпэтам падтрымаў абвяшчэнне незалежнасці Беларусі і рабіў усё магчымае дзеля яе станаўлення і ўмацавання і як дыпламат, і як літаратар. Адзін з самых яскравых вершаў таго часу – “Малітва” (1994):
Мы здалёку ўбачылі свабоду
І яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу.
Пошасці,
Няпраўды
І пакут…
Пранікнёны лірызм і іпрынцыповая, але зусім не агрэсіўная публіцыстычнасць сталага Генадзя Бураўкіна, несумненна, будуць хваляваць новыя і новыя пакаленні чытачоў.
Вельмі многія вершы Бураўкіна сталі песнямі, якія спявае ўся Беларусь, напрыклад, “Вы шуміце, бярозы”, “Калыханка”, “Усё гэта, канечне, не нова”, “Малітва” і інш.
На сустрэчу прыйшлі звыш 20 студэнтаў 1 курса факультэтаў ПіМ і ХТТ, якія з цікавасцю чыталі і слухалі творы Генадзя Бураўкіна, даведаліся пра яго жыццёвы і творчы шлях, прынялі ўдзел у гутарцы пра сучасную творчасць беларускіх паэтаў і нашых студэнтаў, пра ўдзел у Рэспубліканскіх конкурсах “Аўтограф” і “Рэцытацыя”, абмеркавалі наступную сустрэчу, прысвечаную 135-годдзю Сяргея Ясеніна.