“Напісанае застанецца”

Пад такім дэвізам 19.03.24 г. прайшла вечарына-прэзетацыя літаратурна-мастацкага альманаха “AVE” (Адраджэнне. Вера. Еднасць), выпуск 11: БДТУ, 2024. – 247 с.

Адзінаццаты выпуск “AVE” прысвечаны 25-годдзю літаратурнага клуба “Ветліца”, які працуе ва ўніверсітэце з 1997 года.

У зборніку надрукаваны творы 52 аўтараў (з іх замежных аўтараў і перакладчыкаў – 5, гасцей клуба – вядомых беларускіх паэтаў 5, адзін кампазітар).

Творы, змешчаныя ў альманаху – гэта як быццам фатаздымак нашага часу, які застанецца нязменным праз многія гады, а зменлівы час і мы ў ім крочым імкліва наперад у новую будучыню, якая для кожнага будзе адметнай і непаўторнай, нягледзячы на  агульныя ў многім працэсы і ўмовы жыцця. Тое, што было, зменіцца, пачнецца новы адлік часу, а напісанае застанецца як факт, як гісторыя.

І вось імпрэза пачалася. Адкрыла вечарыну кіраўнік клуба Савіцкая Н.Я. З прывітальным словам выступіла начальнік выхаваўчага аддзела Шарко І.А., якая высока ацаніла дзейнасць клуба, працу па выданні альманаха,  адзначыла тэматычную разнастайнасць і  арыгінальнасць твораў. 

“Напісанае застанецца”

Потым нашай юнай студэнцкай аўдыторыі цікава было пазнаёміцца са знакамітымі беларускімі паэтамі, а многія з прысутных упершыню змаглі ўбачыць і пачуць паэтаў – нашых сучаснікаў. 

Перад моладдзю выступілі: Анатолій Аўруцін, Валерый Пазняк, Аксана Гаравенка і Генадзь Шары, — якія адзначылі высокі інтэлектуальны ўзровень аўдыторыі, таму што кожнае паэтычнае слова знаходзіла водгук у слухачоў.  

“Напісанае застанецца”

Свае вершы прачыталі і нашы студэнты. Гэта Марыя Наздрын-Платніцкая, Юлія Брагіна, Кацярына Лобач, Міхаіл Лебядзько. Яны таксама цудоўна выступалі і цалкам авалодалі аўдыторыяй.

Многія аўтары не змаглі прыйсці на прэзентацыю, бо 4 курс зараз на практыцы, таму вершы выпускнікоў і студэнтаў 4 курса годна прачыталі першакурснікі Іван Тамільчык, Мілана Вячэрская і Ганна Цяліца.

“Напісанае застанецца”

Зусім абгрунтаваным і да месца тут было выступленне вакальнага ансамбля выкладчыкаў “Акавіта”, бо ў альманаху надрукаваны шэраг песень, якія напісаў мастацкі кіраўнік ансамбля і кампазітар Аляксандр Лях. Прагучалі 4 новыя песні, якія вельмі шчыра і прыветна прыняла зацікаўленая аўдыторыя.

Кіраўнік клуба Надзея Савіцкая  падзякавала выступоўцам, гасцям і ўсім прысутным, запрасіла  на новыя сустрэчы.

“Напісанае застанецца”

Матэрыял падрыхтавала Н.Я.Савіцкая, фота Дар’я Бабіч.

21.03.24.