Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз

Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз
Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз

 “Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз”. Пад такой назвай 29.03.23 у актавай зале БДТУ у 14.40 пачалася ўрачыстая  вечарына, прысвечаная 25-годдзю літаратурнага клуба “Ветліца”.

Спачатку  прафкам універсітэта павіншаваў кіраўніка клуба Савіцкую Н.Я., падзякаваў за шматгадовую плённую працу па развіцці таленавітых студэнтаў, уручыў букет шыкоўных руж.

Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз

Затым прарэктар па выхаваўчай працы Гапанюк Д.У. уручыў дыпломы членам літаратурнага клуба “Ветліца” — пераможцам і ўдзельнікам Рэспубліканскага літаратурнага конкурса “АЎТОГРАФ-22” —  30 дыпломаў 2-ой, 3-яй ступені і за ўдзел (дыпломы 1-ай ступені будуць уручаны на вучоным савеце).

6 дыпломаў былі ўручаны прадстаўнікам студгарадка – удзельнікам Рэспубліканскага конкурса “ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ”.

Пасля ўрачыстай часткі пачалася  святочная вечарына.  Вельмі ярка і ўзнёсла выступілі госці клуба: даўнія сябры — паэты і перакладчыкі – Анатолій Аўруцін, Аксана Гаравенка, Валерый Пазняк, Генадзь Шары. Паэтычную эстафету перанялі студэнты, выпускнікі і супарацоўнікі: Лукша Міхаіл, Лявончык Анастасія, Лобач Кацярына, Машкін Максім, Наздрын-Платніцкая Марыя, Значонак Дар’я, Чубараў Арсеній, Санюта Валерыя. Кожны выступоўца паказаў сваю ўнікальнасць як чалавека і асобы, парадаваў высокім паэтычным словам.

А як заварожана слухала выступленні аўдыторыя! Ад пачатку і да канца мерапрыемства студэнты, супрацоўнікі і госці былі цалкам засяроджаны дзействам, што адбывалася на сцэне.

Цікавым было  і выступленне сямейнага дуэта – бабулі і  ўнука – Лебядзько Марыі Антонаўны і студэнта Лебядзько Міхаіла. Прагучалі 2 вершы і песня.

Паэтаў у Беларусі болей, чым бяроз

У заключнай частцы вечарыны рэй вяла “Акавіта” – вакальны ансамбль выкладчыкаў і супрацоўнікаў, які 25 год актыўна супрацоўнічае з клубам “Ветліца”. Тут напісана і выканана шмат песень і гімнаў. Вядучыя пазнаёмілі з гісторыяй стварэння і аўтарамі  “Гімна БДТУ” (Словы Міхаіла Наскаўца, музыка Аляксандра Ляха), які быў напісаны да 70-годдзя БДТУ і ўпершыню выкананы на ўрачыстым канцэрце ў 2000-м годзе ў канцэртнай зале “Мінск”. І вось загучаў гімн. Уся зала стаяла і спявала гэту цудоўную мелодыю на глыбокія прарочыя словы. Дарэчы, ўся вечарына суправаджалася відэарадам, таму словы гімна можна было ўбачыць на экране і далучыцца да сумеснага выканання. Яшчэ прагучалі аўтарскія вершы Міхаіла Наскаўца і Валянціны Бажыдай – госці “Ветліцы” і “Акавіты”, – якая прыехала са Смаргоні і на словы якой напісана шмат песень Аляксандрам Ляхам, што з задавальненнем спяваюць акавітаўцы. Адна з іх – “Победа” — прагучала на канцэрце. На верш паэта Валерыя Пазняка “Дарога” таксама напісана песня, якая стала любімай у “Акавіце” і якую цудоўна ўспрыняла аўдаторыя.

“Акавіта” развіталася з гледачамі песняй-пажаданнем  “Мы вам жадаем”. Цудоўныя беларускамоўныя вядучыя вечарыны – Адамсон Вераніка і Абрамовіч Арсеній – і кіраўнік клуба Савіцкая Н.Я. падзякавалі ўдзельнікам і гледачам, сказалі шмат цёплых шчырых слоў на развітанне.