Выступленне з дакладам на пасяджэнні Каардынацыйнага Савета 11.03.20

Савіцкая Н.Я., педагог-арганізатар

Аб удзеле літаратурнага клуба БДТУ “Ветліца” ў творчых міжвузаўскіх, гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных праектах.

Выступленне з дакладам на пасяджэнні Каардынацыйнага Савета па ідэалагічнай і выхаваўчай працы БДТУ 11.03.2020  г.

Літаратурны клуб “Ветліца” працуе ў БДТУ з 1997 года, амаль што 23 гады. Клуб – гэта, перш за ўсё, узаемадзейнасць і сустрэчы па інтарэсах. У клуб прыходзяць студэнты, якія цікавяцца літаратурай, паэзіяй, самі пішуць або любяць чытаць і слухаць паэзію. Але толькі гэтага ім мала. Яны хочуць развіваць свае здольнасці, хочуць быць пачутымі і заўважанымі. І клуб дае ім гэтыя магчымасці. Студэнты могуць удзельнічаць у літаратурна-паэтычных конкурсах і фестывалях БДТУ, могуць надрукаваць свае творы ў літараратурна-мастацкім альманаху “АVЕ” (Адражджэнне. Вера. Еднасць), у СМІ – рэспубліканскіх газетах і часопісах. Найбольш таленавітыя студэнты могуць выйсці на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы.

Варта адзначыць, што літаратурны клуб з’яўляецца пастаянным удзельнікам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Аўтограф”, дзе студэнты і кіраўнік клуба заўсёды атрымлівалі значную колькасць дыпломаў па ўсіх  тэматычных намінацыях і жанрах: паэзія, проза, публіцыстыка. Па выніках апошняга “Аўтографа-18”  “Ветліца” атрымала 10 дыпломаў. Па выніках гэтага конкурсу мінулых гадоў  выдаваліся 2 зборнікі, у якіх надрукаваны творы нашых студэнтаў, то па колькасці ўдзельнікаў і надрукаваных старонак клуб займае першае месца  сярод вну рэспублікі.

Патрабаванні гэтага конкурсу з кожным годам павялічваюцца, змяняюцца і ўдасканальваюцца. Фінал мінулага Аўтографа-18 адбыўся ў Брэсцкім педагагічным універсітэце 21-22лютага 2019 г. Гэта былі два дні высокай творчасці і свята – канцэрты, сустрэчы, прэзентацыі, экскурсіі, канцэрты, творчыя лабараторыі, абмен вопытам, выступленні, разнастайныя квесты і інш. Наша каманда выступала на самым высокім узроўні – ярка, крэатыўна, арыгінальна, запамінальна.

А зараз мы пачалі падрыхтоўку да Аўтографа-20. У гэтым месяцы неабходна здаць матэрыялы на Рэцытацыю – гэта чытанне верша або прозы, абавязкова з відэа і музычным суправаджэннем (відэакліп да 4 хвілін і відэасюжэт да 15). Літаратурныя матэрыялы будуць падавацца на конкурс у верасні.

Варта адзначыць, што ў червені 2019 г. у часопісе “Маладосць” надрукавана інтэрв’ю з кіраўніком клуба і творы 9 студэнтаў. Гэта адзіны клуб у рэспубліцы, які мае публікацыю ў гэтым часопісе.

Зараз літаратурным аб’яднанням і клубам – пераможцам Аўтографа-18 — прапанавана падрыхтаваць публікацыю ў Рэспубліканскім культурна-асветніцкім праекце “ГАЛЕРЭЯ ТВОРЦАЎ” у мэтах папулярызацыі перадавога вопыту  кіраўнікоў творчых калектываў і садзейнічання павышэнню прафесіянальна-педагагічнага майстэрства спецыялістаў, якія рэалізуюць выхаваўчыя практыкі. Зараз у гэтым рэчышчы рыхтуецца матэрыял для Міністэрства адукацыі, на аснове якога мяркуецца публікацыя ў “Настаўніцкай газеце”. Акрамя гэтага карэспандэнт газеты  плануе ўзяць інтэрв’ю ў членаў клуба і папрысутнічаць на мерапрыемстве. Гэта будзе конкурс чытальнікаў вершаў, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, які адбудзецца 22 красавіка.

Акрамя гэтага, найбольш значнага для нас літаратунага конкурсу – Аўтографа, ёсць і іншыя. Гэта рэспубліканскі конкурс “Першацвет”, у якім звычайна ўдзельнічае 150 – 200 аўтараў, а па выніках конкурсу выдаецца зборнік “Першацвет”, дзе друкуюцца творы 20 аўтараў-пераможцаў. Дыплом пераможцы ўручаецца на міжнароднай кніжнай выставе  беларускім пісьменнікам, кіраўніком гэтага праекта. У лютым 2020 г. наш студэнт 1 курса факультэта ТАР Машкін Максім уганараваны Дыпломам і мае публікацыю ў зборніку. Два гады назад атрымала Дыплом пераможцы і публікацыю ў “Першацвеце” студэнтка факультэта ПіМ Значонак Дар’я. Яна была таксама пераможцай рэспубліканскага конкурсу, які праводзіць літаратурны клуб Гродзенскага медуніверсітэта  “Катарсіс”, атрымала Дыплом  фіналіста Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Брамамар”, які штогод праводзіць  БДУ,  Дыплом Міністэрства інфармацыі і каштоўны падарунак за ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе творчых і навукова-даследчых прац “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”. Кіраўнік клуба падала на гэты конкурс шосты нумар літаратурна-мастацкага альманаха “АVЕ” ( у двух тамах) і таксама атрымала каштоўны падарунак і Грамату Міністэрства інфармацыі. Да таго ж Музей Вялікай Айчыннай вайны папрасіў гэты нумар альманаха прэзентаваць музею ў якасці экспаната.

Цікавыя конкурсы праводзяць Ваенная Акадэмія і Медуніверсітэт. У Ваеннай Акадэміі штогод праводзіцца шэраг навуковых студэнцкіх канферэнцый і конкурс аратарскага майстэрства “Златоуст”, дзе члены клуба таксама паспяхова ўдзельнічаюць, з  граматамі і публікацыямі.

У 2017 годзе Медуніверсітэтам праводзілася Міжнародная канферэнцыя і Рэспубліканскі конкурс чытальнікаў вершаў, дзе нашы студэнты паспяхова выступілі, атрымалі Граматы і Дыпломы. А кіраўнік клуба  была старшынёй адной з секцый і ўрачала Граматы і Дыпломы студэнтам-пераможцам гэтай секцыі.

Варта адзначыць, што клуб пастаянны ўдзельнік Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці студэнцкай моладзі,  дзе экспануюцца матэрыялы клуба на адзін ці  два стэнды і праводзяцца літаратурныя чытанні. На ХУІІІ Рэспубліканскую выставу 2019 г. быў падрыхтаваны Праект “Літаратурны клуб “Ветліца” як сродак творчай самарэалізацыі студэнтаў”, стэнд экспанатаў, прэзентацыя клуба і два выступленні: 17.04 – на галоўнай сцэне 20 хвілін, і 19.04  — на пляцоўцы ўніверсітэта – 1 гадзіну. Такім чынам клуб дапамог БДТУ атрымаць Дыплом.

Акрамя беларускіх, у клубе ўдзельнічаюць і замежныя навучэнцы. Клуб з’яўляецца пастаянным удзельнікам Рэспубліканскіх фестываляў творчасці замежных студэнтаў “F.ART.by”.  У снежні 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы праводзілася адкрыццё фестываля “Моладзь свету: самабытнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва”, дзе “Ветліца” ўдзельнічала са сваёй экспазіцыяй, літаратурнымі чытаннямі і прэзентацыяй бангладэшскай кухні. Атрыманы рэспубліканскія ўзнагароды: калектыўны Дыплом для БДТУ, Вымпел для БДТУ, два Дыпломы  — Савіцкая Н.Я. і замежныя студэнты.

Толькі пералік конкурсаў, фестываляў і выстаў, у якіх прымае ўдзел клуб, займае шмат часу, а за ўдзелам у кожным конкурсе і мерапрыемстве стаяць канкрэтныя студэнты, якіх трэба знайсці, заахвоціць, падрыхтаваць, накіраваць, падтрымаць, суправаджаць і г.д. Гэта вельмі вялікая праца, але без яе не будзе аддачы.