“Зорны россып студэнцкіх талентаў БДТУ”

8 сакавіка 2021 года ў канферэнцзале адбылося ўрачыстае пасяджэнне літаратурнага клуба “Ветліца”, прысвечанае вынікам Рэспубліканскага фестываля мастацкай творчасці навучэнцкай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2020”.

На сустрэчу былі запрошаны пераможцы і дыпламанты  Рэспубліканскага конкурса літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “АЎТОГРАФ” у намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”, “Фантастыка” (16 аўтараў, якія атрымалі 21 дыплом: 1 ступені – 5; 2 ступені – 6; 3 ступені — 5; за актыўны ўдзел – 5) і Рэспубліканскага завочнага конкурса мастацкай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-ПАРТАЛ” у намінацыі “Творческое преображение: создавая будущее” (відэа) (7 аўтараў, якія атрымалі 2 дыпломы 2 і 3 ступені).

 Разам у конкурсе ўдзельнічалі 17 чалавек, якія атрымалі 23 дыпломы.

Кіраўнік клуба Савіцкая Н.Я.павіншавала дыпламантаў  конкурса з перамогай, пажадала поспехаў ва ўсіх справах і крэатыўнай творчасці, новых яркіх твораў і выступленняў.Расказала прысутным аб выніках конкурсу ў маштабах рэспублікі, аналізуючы якія варта прыйсці да высновы, што, мяркуючы па колькасці атрыманых дыпломаў, клуб заняў першае месца (бо больш за 10 дыпломаў не атрымаў ні адзін вуз рэспублікі).

Потым рэдактар інтэрнет-рэсурса Сінкевіч Валерыя Анатольўна правяла бліц-апытанне сярод прыcутных членаў клуба.

 

“Зорны россып студэнцкіх талентаў БДТУ”

Інтэрв’ю дыпламантаў Рэспубліканскага конкурса “Аўтограф-2020”

Сябры літаратурнага клуба “Ветліца” прынялі ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі “Арт-вакацыі” ў намінацыі “Аўтограф”. Свае працы на конкурс дасылалі студэнты са звыш 30 ВУЗаў, у якіх дзейнічае больш за 40 аб’яднанняў (клубы, крэатыўныя майстэрні, тэатры, секцыі і інш.).

Увогуле ў Беларусі ўдзельнікі атрымалі 187 дыпломаў, 26 з якіх заслужылі аб’яднанні БГТУ: 23 дыпломы – члены літаратурнага клуба “Ветліца”, 3 дыпломы – сябры тэатра “Колакал”). БГТУ мае максімальную колькасць узнагарод у параўнанні з іншымі ўстановамі!

Узнагароды за працы сваім студэнтам ўручыла кіраўнік “Ветліцы” Надзея Яўсееўна Савіцкая: “Я вельмі радая, што працую з такімі таленавітымі людзьмі. Я вамі ганаруся, я вас шаную і люблю”.

Конкурс праходзіў ва онлайн-фармаце. Удзельнікі «Арт-вакацый» пісалі свае працы і дасылалі іх у электронным выглядзе.

Існаванне онлайн-конкурсаў – гэта магчымасць ажывіць студэнцкае жыццё падчас пандэміі. Згодна са мной і сяброўка літаратурнага клуба і дыпламантка «Арт-вакацый» Паліна Цюшкевіч, якая дасылала верш ўласнага сачынення на секцыю «Паэзія»: «У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй амаль няма магчымасцяў наведваць якія-небудзь масавыя мерапрыемствы. Таму мне, студэнтцы першага курса, было вельмі цікава прыняць удзел у “Аўтографе-2020” і тым больш – атрымаць за сваю працу дыплом».

Максім Машкін, студэнт першага курса спецыяльнасці «Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў» (ХТОМ), таксама удзельнічаў у намінацыі «Паэзія»: «Было вельмі нечакана атрымаць дыплом, таму што я стаўлюся да сваіх работ крытычна: сёння ты напісаў нешта і табе падабаецца, а заўтра ўжо ўсё не так, як учора».

А вось 4-курснік факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Арсеній Чубараў прыняў удзел адразу ў двух намінацыях. У першай – «Паэзіі» (верш на тэму: “Прысвячэнне 75-годдзю Вялікай Перамогі”) – студэнт атрымаў дыплом I ступені. У другой –  «Будучыні», на якую Арсеній дасылаў  аповяд, – узнагароду II ступені.

Паэтычны твор Арсенія – гэта паэма, якая складаецца з 5 частак, аб’яднаных праблемай вайны, кожны з урыўкаў напісаны на асобную тэму. Першапачаткова паэма мела саркастычную назву «В честь войны», якая высмейвае людзей,  што ўсхваляюць гэтую трагічную частку гісторіі. «Я хацеў сказаць, што яны не маюць рацыі». Але потым Арсеній вырашыў змяніць назву на «Горнило смерти». Такі загаловак адлюстроўвае смутак і жах, які нясе вайна.”

Для юнака гэта быў дэбют. Конкурс праходзіць адзін раз у два гады, і за час навучання можна паўдзельнічаць не так шмат разоў, як хацелася б. Напэўна, менавіта таму некаторыя студэнты прымаюць удзел адразу ў дзвюх секцыях.

Вольга Данілевіч, якая, здаецца, самая дасведчаная ў клубе, прымала ўдзел ў намінацыі “Будучыня”. Яна дасылала твор “Экос, или Первое путешествие в параллельный мир”.

«Я пішу шмат фантазійных гісторый, а канкрэтна на гэтую мяне натхніла першая лекцыя па «Экалогіі». Гэта быў канец чацвёртага–пачатак пятага курса. Выкладчыца захоплена распавядала пра экалогію і вельмі хацела нас зацікавіць. Яна мяне настолькі натхніла! Мне вельмі захацелася закрануць гэтую тэму ў сваім творы, але завуаляваць яе так, каб яна не здавалася вельмі сур’ёзнай». Менавіта так да Вольгі прыйшла ідэя сачынення, дзе галоўны персанаж – дзяўчына, якая вучыцца на вандроўніцу па розных светах, здзяйсняе свае першае падарожжа і пазнае сумную гісторыю разумных істот з паралельнага свету. Гераіня разумее, што жыхары Зямлі могуць паўтарыць трагічны лёс іншапланетных істот, і імкнецца знайсці спосаб гэтага пазбегнуць.

Цікава разважае пра сваё членства ў клубе Станіслаў Цярэнцьеў: «Я не пазіцыяную сябе як пісьменніка, а лічу гэта сваім хобі. Напрыклад, некаторыя людзі займаюцца фотамастацтвам: яны захоўваюць моманты са свайго жыцця на здымку. Я ж, у сваю чаргу, пакідаю ўспаміны ў празаічнай або вершаванай форме. Потым вельмі прыемна перачытваць, успамінаць».

Станіслаў вырашыў прыняць ўдзел, бо гэта добрая магчымасць падзяліцца сваімі эмоцыямі. Ён не чакаў, што зойме нейкае месца, бо “трохі скептычна ставіўся да сваіх магчымасцяў, не верыў у сябе, у тое, што працы могуць камусьці спадабацца”.

А вось Анастасія Янучок піша ўжо даволі даўно, са школы: «Мяне заўсёды матывавала мама, яна ў мяне творчая асоба. Мама падказвала, якія цікавыя конкурсы цяпер праходзяць, раіла, куды трэба рухацца. Не заўсёды лёгка ўзяцца за працу – напрыклад, не падабаецца тэма. Але ў такіх сітуацыях я ўсё роўна саджуся і пачынаю пісаць, таму што ведаю – калі не пераступіш праз сябе, нічога не атрымаецца. Матывую сябе тым, што складана будзе заўсёды, але толькі дзякуючы намаганням, можна дамагчыся поспеху».

На пытанне «Як вы ставіцеся да прац другіх удзельнікаў клуба?» Анастасія адказала: «У нас нядаўна выйшаў альманах. Я наткнулася на твор Вольгі Данілевіч пра падарожжа ў іншыя светы і была ў захапленні. Гэта вельмі блізка да таго, што я люблю чытаць».

Не ўсе удзельнікі “Арт-вакацыі” пішуць свае працы “з нуля”. Так, Анастасія Качамарава творы, дасланыя на конкурс, напісала раней, але спецыяльна да конкурса дзяўчына іх дапрацавала і ўдасканаліла.

«Я не думала, што атрымаецца заняць нейкае месца, хоць я і вельмі люблю сваю працу. Твор быў напісаны на эмоцыях. Гэта гісторыя пра робата, які пранікаецца чалавечнасцю і пачынае разумець мэту людскога існавання».

Студэнты вельмі цёпла адклікаліся аб літаратурным клубе. Так, Дзмітрыю Уласенку вельмі цікава працаваць у клубе: «Без яго я б наўрад ці што-небудзь напісаў, клуб матывуе. Тут я удзельнічаю ў конкурсах, атрымліваю ўзнагароды – маме прыемна». А Анастасія Янучок праз клуб даведваецца пра новыя цікавыя конкурсы.

Вольга Данілевіч шануе магчымасць камусьці паказаць працы: «Я сарамлівая і не магу малазнаёмаму чалавеку прапаноўваць пачытаць свае творы. Нават людзі, з якімі я маю зносіны даўно, не ўсе ведаюць, што я пішу».

«Калі мы з удзельнікамі клуба збіраемся разам, адчуваецца атмасфера творчасці. Гэта нібы ў паветры лунае, адчуваецца на падсвядомым узроўні», – шчыра падзяліўся адчуваннямі Арсеній.

“Ветліца” – гэта аб’яднанне творчай моладзі. Гэта месца, дзе студэнты могуць ствараць нешта самабытнае і дзяліцца гэтым не толькі з сябрамі клуба, але і з зацікаўленнымі людзьмі. Удзельнікі “Ветліцы” – шматгранныя асобы, гатовыя працаваць і перамагаць!

Бліц-апытанне правяла рэдактар інтэрнэт-рэсурса Сінкевіч Валерыя Анатольеўна.

“Зорны россып студэнцкіх талентаў БДТУ”